комплекс работ па вырабе, укладцы ў форму ці ўстаноўцы на месца бетанавання (мантаж) арматурных элементаў жалезабетонных канструкцый. Уключаюць нарыхтоўку арматурных стрыжняў, выраб арматурных сетак ці каркасаў, іх зборку і ўстаноўку ў форму ці апалубку.
Стрыжні робяць з арматурнай сталі на спец. станках, сеткі і каркасы — на станках з гібачнай бэлькай. Плоскія сеткі і каркасы шыр. да 1 м вырабляюць кантактнай зваркай на зварачных машынах і аўтаматызаваных паточных лініях, прасторавыя каркасы збіраюць у асн. на гарыз. і верт. кандуктарах-маніпулятарах. Арматуру для папярэдне напружаных канструкцый да ўкладкі ў форму расцягваюць гідраўл. дамкратамі ці падаўжаюць награваннем да 300—450 °C. Арматуру для маналітных канструкцый (напр., плацін) зварваюць з сетак, каркасаў і інш. элементаў, устаўляюць у формы або апалубку кранамі, маніпулятарамі і да т.п.
Да арт. Арматурныя работы. Тэхналагічная схема вырабу шырокіх арматурных сетак на аўтаматызаванай паточнай лініі: 1 — стыкавая зварка стрыжняў; 2 — праўка стрыжняў; 3 — зварка сетак; 4 — падоўжная рэзка сетак; 5 — папярочная рэзка сетак; 6 — пакетаванне сетак; 7 — змотванне сетак у рулон; 8 — транспартаванне кантэйнера з пакетам сетак.Да арт. Арматурныя работы. Арматурны станок-аўтамат: 1 — прыёмнае прыстасаванне; 2 — праві́льны барабан; 3 — механізм падачы і рэзкі; 4 — пульт кіравання.